BE RU EN

Улады спрабуюць пераканаць беларусаў, што АБСЕ прызнала «выбары»

  • 30.09.2008, 12:09

Беларускія тэлеканалы ўчора ані слова не сказалі аб тым, што місія назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ не прызнала «парламенцкія выбары» у Беларусі.

Словы кіраўнікоў місіі АБСЕ прапагандыстамі вырываліся з кантэксту, а інфармацыя аб беларускіх «выбарах» у расейскай праграме «Время» наогул была перакрытая рэкламай.

Паведамленні беларускіх дзяржаўных тэлеканалаў перадавалі толькі першыя словы кіраўніка місіі назіральнікаў ПА АБСЕ Ан-Мары Лізэн на ўчорашняй прэс-канферэнцыі ў Менску аб тым, што некаторыя «станоўчыя сігналы» падчас гэтай «выбарчай кампаніі» назіральнікамі былі адзначаныя. Але аб тым, што кіраўнік місіі назіральнікаў сказала, што гэтыя сігналы былі не вялікімі, а «выбары» прайшлі з парушэннямі стандартаў АБСЕ і прызнаныя несвабоднымі і несправядлівымі – у дзяржСМІ не было сказана ані слова. Не паведамлялася аб тым, што назіральнікамі АБСЕ адзначаны «дрэнны або незадавальняючы» працэс падліку галасоў у 50% выпадкаў, што 40% назіральнікаў не было магчымасці ў поўнай меры ацэньваць працэс падліку галасоў.

А паведамленні афіцыйнага агенцтва БелТА наогул стваралі ілюзію, што «выбары» у Беларусі прызнаныя назіральнікамі АБСЕ. Узяць хоць бы загалоўкі: «Выснова АБСЕ па парламенцкіх выбарах у Беларусі выклікае аптымізм - Л.Ярмошына», «Заява назіральнай місіі АБСЕ па выніках выбараў у Беларусі ўтрымлівае шэраг станоўчых момантаў - В.Гігін», «Папярэднія высновы місіі АБСЕ вытрыманыя ў спакойнай і ўзважанай танальнасці - меркаванне эксперта».

Афіцыйны друкаваны орган Адміністрацыі Лукашэнкі «Советская Белоруссия» сёння надрукавала артыкул пад загалоўкам «Правільны накірунак», у якой з нагоды непрызнання «выбараў» АБСЕ гаворыцца: «Некалькі словаў трэба сказаць аб місіі АБСЕ. У адрозненні ад місіі СНД, тут нямала людзей, у якіх ёсць нейкая прадузятасць у дачыненні да Беларусі — не абавязкова гэта злы намер, проста яны ў такім інфармацыйным полі існуюць».

І самае характэрнае, учора, калі расейскія тэлеканалы перадавалі ў навінах аб тым, што місія АБСЕ не прызнала «выбары» у Беларусі, іх вяшчанне перакрывалася. Так, на тэлеканале АНТ, які працуе сумесна з расейскім Першым каналам, падчас трансляцыі расейскай праграмай «Время» рэпартаж з прэс-канферэнцыі кіраўнікоў місіі АБСЕ быў перакрыты рэкламай.

Апошнія навіны