BE RU EN

Непрызнаная «палатка» не прызнае Еўранэст

  • 5.05.2011, 11:18

Марыянетачны «парламент» з прызначанымі дэпутатамі збіраецца ігнараваць меркаванне і пазіцыю Парламенцкай асамблеі ЕЎРАНЕСТ.

Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве Прэзідыума Савета Рэспублікі і Савета Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ў сувязі з падпісаннем 3 мая ўстаноўчых дакументаў Парламенцкай асамблеі ЕЎРАНЕСТ, паведамляе БелТА.

У «палатцы» са шкадаваннем ўспрынялі вынікі праведзенай 3 мая ў Еўрапарламенце сустрэчы па стварэнні парламенцкага вымярэння ініцыятывы «Усходняе партнёрства».

«Удзельнікі дадзенага мерапрыемства відавочна праігнаравалі прынцып роўнага ўдзелу ў ім ўсіх краін-партнёраў», - лічаць марыянеткі дыктатара. На іхнюю думку, створаная такім чынам Парламенцкая асамблея ЕЎРАНЕСТ «фактычна ператвараецца ў інструмент палітычнага ціску, што не адпавядае заяўленым мэтам супрацоўніцтва, замацаваным у Пражскай дэкларацыі». У сувязі з гэтым «палатка» «не лічыць сябе абавязаным ўлічваць альбо прымаць пад увагу яе пазіцыю», падкрэсліваецца ў заяве.

У той жа час, згодна з тэкстам заявы, нелегітымны парламент «захоўвае адкрытасць да дыялогу з Еўрапейскім парламентам пры ўмове, што ён будзе насіць канструктыўную накіраванасць і будавацца на ўзаемнай павазе і сапраўды партнёрскіх пачатках».

Апошнія навіны