Пуцёўкі ў санаторыі падаражэюць на 35%
- 28.02.2012, 14:49
Пуцёўкі ў санаторна-курортныя ўстановы Беларусі могуць падаражэць на 35% у гэтым годзе.
Пра гэта сёння заявіў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Мікалай Мазур.
«Кошты пуцёвакі фарміруюцца з прагнозу Мінэканомікі па росце спажывецкіх коштаў (15-22%), плюс мы яшчэ дадалі 10% на рэзерв», - патлумачыў ён.
Разам з тым, адзначыў Мазур, права ўсталёўваць кошты паслугаў належыць уласнікам санаторна-курортных установаў. «Мы каардынуем іх дзейнасць, - дадаў ён. - Я лічу, што ў іх хопіць мудрасці, каб кошт і попыт адпавядалі, дзейнічалі сезонныя зніжкі», піша БелаПАН.
У 2011 годзе кошт пуцёвак не змяняўся на працягу трох кварталаў, а затым павялічыўся ў сярэднім на 78%. «Гэта было складана - захаваць заробкі і спецыялістаў. Мы правялі датацыю пуцёвак», - сказаў Мазур.
«У нас дамовы з установамі ўжо заключаныя да канца года. Кошт пуцёвак не перавышае 140 тысяч на дзень, у сярэднім складае 110-130 тысяч», - паведаміў ён.