BE RU EN

Сёння разглядзяць касацыйную скаргу абаронцы Уручча

  • 3.08.2012, 12:18

Абаронцу Уручча Леаніда Мажальскага прысудзілі да 5 сутак арышту і двухмільённага штрафу.

У гарадскім судзе Менска разглядзяць касацыйную скаргу на рашэнне, вынесенае судом Першамайскага раёну 18 ліпеня, перадае «Радыё Свабода».

Леаніда Мажальскага прызналі вінаватым у парушэнні трох артыкулаў Адміністрацыйнага кодэкса. Згодна з артыкулам 17.1 «Дробнае хуліганства» яго прысудзілі да двух сутак арышту. За «непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў» - яшчэ да трох сутак. За «парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў» Леанід Мажальскі павінен выплаціць штраф у памеры 2 мільёнаў рублёў (20 базавых велічынь).

Адміністрацыйны арышт Леанід Мажальскі адбыў у ізалятары на Акрэсціна.

Адвакат Мажальскага Вольга Безбародкіна падала касацыйную скаргу на такое рашэнне суда.

Намеснік старшыні жыллёва-будаўнічага кааператыва Леанід Мажальскі - актыўны ўдзельнік ініцыятыўнай групы супраць ушчыльнення Уручча. Абвінавачванні датычацца падзей 4 і 5 ліпеня ў скверы, дзе пачалі будаваць дом для спецназа.

Будаўнічы канфлікт ва Уруччы цягнецца не першы год. Жыхары сталічнага мікрараёна пратэстуюць супраць будоўлі дамоў на вуліцах Шугаева і Русіянава. Менскія гарадскія ўлады тлумачаць жыхарам, што будаўніцтва ідзе ў рамках «ушчыльнення» мікрараёна.

Апошнія навіны