BE RU EN

Прадстаўнікі МЗС Польшчы і Швецыі наведаюць Менск

  • 23.10.2013, 11:42

Прадстаўнікі міністэрстваў замежных спраў Польшчы і Швецыі 24 кастрычніка прыбудуць у Менск з двухдзённым візітам.

Як паведамілі БелаПАН у амбасадзе Швецыі, ад шведскага боку ў Менск прыедуць амбасадар Усходняга партнёрства МЗС Марцін Хагстрэм і генеральны дырэктар палітычнага дэпартамента МЗС Турбь’ёрн Сульстрэм. Польскі бок будуць прадстаўляць палітычны дырэктар міністэрства Яраслаў Браткевіч, упаўнаважаная міністра замежных спраў па справах Усходняга партнёрства Беата Пенкса і намеснік дырэктара Усходняга дэпартамента МЗС Конрад Паўлік, паведамілі ў амбасадзе Польшчы.

Паводле папярэдняй інфармацыі, у дыпламатаў Швецыі і Польшчы запланаваныя сустрэчы з прадстаўнікамі Міністэрства замежных спраў і адміністрацыі Лукашэнкі. Пра тое, што напярэдадні саміту Усходняга партнёрства (УП) у Вільні адбудзецца такая паездка, паведамілі міністры замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі і Швецыі Карл Більт у сумесным артыкуле, апублікаваным 21 кастрычніка ў шэрагу СМІ краін УП.

Паведамлялася, у прыватнасці, Сікорскі, Більт і іншыя высокапастаўленыя прадстаўнікі Польшчы і Швецыі перад самітам маюць намер наведаць сталіцы дзяржаў УП - Кішынёў, Кіеў, Тбілісі, Баку, Ерэван і Менск.

Апошнія навіны