BE RU EN

Навукоўцы змадэлявалі палёт над паверхняй Марса (Відэа)

  • 29.10.2013, 15:48

Еўрапейскія навукоўцы стварылі відэаролік, які дазваляе гледачу ўявіць сабе палёт над чырвонай планетай.

Для гэтага яны выкарыстоўвалі фатаграфіі і дадзеныя, атрыманыя касмічным апаратам Mars Express, больш за 10 гадоў таму адпраўленым да Марса, паведамляе сайт Еўрапейскага касмічнага агенцтва (ESA).

Трохмерны ландшафт спецыялісты ESA змадэлявалі сумесна з супрацоўнікамі нямецкага аэракасмічнага цэнтра. Здымкі, якія яны выкарыстоўвалі, былі зробленыя камерай высокай разрознасці, усталяванай на Mars Express, піша NEWSru.com.

Фотаздымкі, перададзеныя касмічным апаратам, прадстаўлялі сабой мноства здымкаў адных і тых жа аб'ектаў, зробленых з розных ракурсаў. Гэта дазволіла навукоўцам стварыць даволі дакладную мапу паверхні, адлюстраваць перапады вышынь, якія ляглі ў аснову камп'ютэрнай графікі.

У выніку на атрыманым відэароліку можна разглядзець застылыя патокі лавы, гіганцкія горы і сухія рэчышчы рэк. Такім чынам, па словах навукоўцаў, паглядзеўшы ролік, можна здзейсніць незабыўнае віртуальнае падарожжа па чырвонай планеце.

Выхад відэа прымеркаваны да дзесяцігоддзя місіі апарата Mars Express, які стартаваў з Зямлі 2 чэрвеня 2003 года. З тых часоў ён здзейсніў вакол планеты каля 12,5 тыс. віткоў, падаўшы навукоўцам унікальныя дадзеныя.

Іншы касмічны апарат, які ў цяперашні час даследуе Марс, Curiosity, раней перадаў каляровыя фота чырвонай планеты і першае фота ў 3D. Услед за гэтым марсаход перадаў на Зямлю панараму наваколля кратэра Гейла, у якім здзейсніў пасадку. Здымкі пейзажаў, якія знаходзяцца вакол Curiosity, дазволілі зрабіць першую інтэрактыўную панараму Марса. На ёй выразна бачныя скалістыя вяршыні каля краю кратэра, каменьчыкі пад коламі марсахода і нават нейкае падабенства «марсіянскай птушкі ў палёце».

Апошнія навіны