BE RU EN

У Санкт-Пецярбургу адрадзіліся каталіцкія імшы па-беларуску

  • 14.02.2021, 19:30

З ініцыятывай выступілі мясцовыя беларусы.

14 лютага ў Санкт-Пецярбургу аднавіліся каталіцкія імшы па-беларуску.

Першая за доўгі час беларускамоўная імша прайшла ў парафіі Успення Найсвяцейшай Панны Марыі – у капліцы дабраславёнага Тэафілюса Матулёніса, які ў 1928–1943 гадах быў дапаможным біскупам Магілёўскім, перадае «Белсат».

Служыў яе пробашч касцёла Януш Прусіноўскі, які раней некаторы час нёс служэнне ў беларускім Сянно і з тых часоў ведае беларускую мову. З ініцыятывай служэння імшы па-беларуску выступілі мясцовыя беларусы. Праводзілі яе з дапамогай дапаможніка, выдадзенага ў Санкт-Пецярбургу ў 2006 годзе, калі ў парафіі служыў беларускі ксёндз Сяргей Сурыновіч.

Падчас службы ўшанавалі памяць Тэрэсы Шырмы, якая актыўна ўдзельнічала ў жыцці парафіі, выдавала па-беларуску газету «Krynica» і вяла праграмы на беларускай мове на Пецярбургскім хрысціянскім радыё «Марыя», а пасля жніўня 2020 года рэгулярна ўдзельнічала ў акцыях пратэсту каля консульства Беларусі ў Санкт-Пецярбургу. Яна памерла 5 лютага.

Служыць імшу па-беларуску плануецца кожную другую нядзелю месяца. Сёння ў ёй удзельнічала блізу 20-ці чалавек.

Апошнія навіны