BE RU EN

У Беларусі мерацца скасаваць магчымасць навучання на мовах нацыянальных меншасцяў

  • 8.11.2022, 21:12

Даўней рэжым закрыў літоўскія і польскія школы ў нашай краіне.

"Палата прадстаўнікоў" рыхтуецца прыняць у першым чытанні праект закона "Аб змене законаў аб пытаннях адукацыі", дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Акрамя іншага, папраўкі закрануць і моўныя пытанні.

Сярод іншага прапануецца змяніць артыкулы 21 і 22, дзе гаворыцца аб мовах навучання ў школах, ВНУ ды іншых установах адукацыі. Жыхары Беларусі паводле закону будуць мець права на навучанне як на расейскай, так і на беларускай мовах, але замест цяперашняй фармулёўкі "на беларускай або расейскай мовах" у законе будзе напісана "на беларускай і (або) расейскай мовах".

Таксама з артыкула 21 прыбіраецца фраза: "Права на выхаванне і атрыманне адукацыі на роднай мове маюць і асобы іншых нацыянальнасцей, якія жывуць у рэспубліцы".

У артыкуле 22 будзе цяпер напісана, што ў дзіцячых садках і школах навучанне можа быць на замежнай мове па ўзгадненні з Міністэрствам адукацыі і "пры наяўнасці варункаў". У ранейшай версіі закона гаварылася, што на жаданні вучняў і бацькоў (законных прадстаўнікоў), паводле пастановы мясцовых улад і пры ўзгадненні з Мінадукацыі могуць стварацца класы або школы з навучаннем на мовах нацыянальных меншасцяў.

Калі закон будзе прыняты, навацыі ўвойдуць у дзеянне пасля афіцыйнага апублікавання. Праўда, у сітуацыі з адукацыяй на мовах нацыянальных меншасцяў яны нічога асабліва не памяняюць, бо з гэтага года 2 польскія і 2 літоўскія школы, якія існавалі ў Беларусі дагэтуль, дэ-факта зліквідаваныя і так — з гэтага года моўны рэжым у іх дырэктыўна зменены без уліку меркаванняў вучняў ды іхніх бацькоў.

Апошнія навіны