BE RU EN

Сіноптыкі распавялі, якім будзе надвор'е на наступным тыдні

  • 16.09.2023, 21:56

Верасень выдаўся вельмі цёплым.

Нягледзячы на тое, што верасень ужо перасягнуў экватар, на гэтым тыдні ўсё яшчэ было цёпла. 12 верасня на чатырох метэастанцыях зафіксаваныя тэмпературныя рэкорды. Так, у Горадні паветра прагрэлася да +28,1°C, абнавіліся максімумы ў Лідзе, Вілейцы і Ашмянах, расказаў у эфіры АНТ сіноптык Дзмітрый Рабаў.

У найбліжэйшыя сем дзён нас чакае па-асенняму няўстойлівае, але пакуль яшчэ ўмерана цёплае надворʼе. Усё часцей Беларусь будуць наведваць дажджавыя аблокі. Аднак тэмпература паветра працягне перавышаць кліматычную норму.

У пачатку тыдня ў большасці раёнаў краіны дажджы малаверагодныя, кароткачасовыя – толькі ў аўторак удзень па захадзе краіны. Уначы – ад +11 да +17°C, удзень у панядзелак, 18 верасня, ад +19°C на поўначы да +29°C у паўднёва-заходніх раёнах, у аўторак, 19 верасня, ад +23 да +29°C.

У сярэдзіне тыдня будзе воблачна з праясненнямі, на большай частцы тэрыторыі кароткачасовыя дажджы. Уначы ў сераду, 20 верасня, ад +10 да +16°C, удзень ад +18°C на поўначы да +26°C па поўдні.

У пачатку другой паловы тыдня ўначы ад +10 да +15°C. Удзень у чацвер, 21 верасня, ад +20 да +27°C, у пятніцу, 22 верасня, ад +17°C па паўночным захадзе да +27°C па Гомельскай вобласці.

І, папярэдне, на наступных выходных уначы ад +11 да +17°C. Удзень у суботу, 23 верасня, ад +13°C па паўночна-заходняй палове да +21°C па паўднёвым усходзе, у нядзелю, 24 верасня, ад +16 да +20°C.

Апошнія навіны