BE RU EN

NYT: Пентагон пашырае свае магчымасці для вядзення вайны ў космасе

  • 18.05.2024, 10:27

Падрабязнасці дзеянняў строга засакрэчаныя.

Злучаныя Штаты Амерыкі ўстурбаваныя тым, як хутка Кітай і Расея рухаюцца наперад у касмічных аперацыях. У Вашынгтоне мяркуюць, што гэта нясе пагрозу амерыканскім войскам і іншым вайсковым сродкам на зямлі, а таксама амерыканскім спадарожнікам на арбіце.

У сувязі з гэтым Пентагон спяшаецца пашырыць свае магчымасці для вядзення вайны ў космасе. Пра гэта гаворыцца ў матэрыяле The New York Times.

Цяпер падрабязнасці дзеянняў Пентагона ў гэтым кірунку застаюцца строга засакрэчанымі. Аднак афіцыйныя асобы міністэрства абароны ЗША прызнаюць, што падобная ініцыятыва адлюстроўвае сур'ёзныя змены ў вайсковых аперацыях, паколькі космас усё больш становіцца полем бітвы.

Вядома, што Злучаныя Штаты больш не будуць проста спадзявацца на вайсковыя спадарожнікі для сувязі, навігацыі, адсочвання і нацэльвання на наземныя пагрозы, хаця гэтыя інструменты дзесяцігоддзямі давалі Пентагону вялікую перавагу ў канфліктах.

Міністэрства абароны ЗША імкнецца набыць новае пакаленне наземных і касмічных інструментаў, якія дазволяць яму абараняць сваю спадарожнікавую сетку ад нападаў і, калі неабходна, парушаць працу або выводзіць з ладу касмічныя караблі супраціўніка на арбіце, кажуць прадстаўнікі Пентагона.

Такая стратэгія прынцыпова адрозніваецца ад папярэдніх вайсковых праграм у космасе пашырэннем дыяпазону наступальных магчымасцяў. Напрыклад, так і не рэалізаваная прапанова Стратэгічнай абароннай ініцыятывы 1980-х гадоў была засяроджаная на выкарыстанні спадарожнікаў для абароны ЗША ад удараў ядзерных ракет.

«Мы павінны абараніць нашы касмічныя магчымасці, а таксама мець магчымасць не дапусціць варожага выкарыстання супраціўнікам сваіх касмічных магчымасцяў. Таму што калі ў нас не будзе космасу, мы саступім», - сказаў генерал Чэнс Зальцман, кіраўнік касмічных аперацый ЗША.

Апошнія навіны