У Фінляндыі самалёт не змог прызямліцца ў горадзе на мяжы з РФ
- 11.06.2024, 12:25
З-за перабояў з GPS.
Раніцай 11 чэрвеня рэйс з Хельсінкі ў горад Ёэнсуу на паўднёвым усходзе Фінляндыі не змог прызямліцца ў аэрапорце прызначэння праз перабоі з GPS і паляцеў назад.
Пра гэта паведамляе Yle.
Рэйс авіякампаніі Finnair з Хельсінкі ў Ёэнсуу, адкуль да мяжы з Расеяй крыху больш за 60 км, павінен быў садзіцца ў аэрапорце прызначэння а 7:40, аднак не змог гэтага зрабіць.
«Самалёту не атрымалася прызямліцца з-за ўмяшання ў працу GPS», – пракаментаваў прадстаўнік Fintraffic Тапіё Нурмэла.
Самалёт прыкладна чвэрць гадзіны кружыў каля Ёэнсуу ў надзеі, што сітуацыя палепшыцца, але ў выніку паляцеў назад у сталіцу.
У сувязі з гэтым скасавалі і зваротны рэйс з Ёэнсуу ў Хельсінкі, які мусіў выконваць той жа борт.
У раёне аэрапорта Ёэнсуу і раней заўважалі праблемы з умяшаннем у працу GPS, але ў папярэдніх падобных выпадках самалётам усё ж атрымлівалася прызямліцца.
Нагадаем, гэта ўжо не першы такі інцыдэнт у рэгіёне за апошні час. У траўні з-за аналагічнай праблемы Finnair прыпыняла рэйсы ў эстонскі Тарту.
У пачатку траўня МЗС Эстоніі выклікала часовага паверанага ў справах РФ у сувязі з пачашчэннем збояў у працы GPS.