Польшча накіруе на мяжу з Беларуссю вайскоўцаў з баявым досведам
- 11.06.2024, 15:01
Яны бралі ўдзел у місіях у Афганістане, Іраку і Косаве.
Польшча накіруе на мяжу з Беларуссю салдат і паліцэйскіх з баявым досведам у Афганістане, Іраку і Косаве.
Пра гэта расказаў міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш. Паводле ягоных слоў, групы мігрантаў, якія спрабуюць штурмаваць мяжу з боку Беларусі, атрымалі новае абсталяванне і цяпер небяспечнейшыя, чым яны былі раней, піша wnp.pl.
«Гэта арганізаваныя групы, падкантрольныя Беларусі ці Расейскай Федэрацыі, абсталяваныя тэхнікай, якая пагражае жыццю і здароўю. Гэта выглядае зусім інакш, чым у першыя тыдні, месяцы ці нават гады спроб перасячы польска-беларускую мяжу», - адзначыў Касіняк-Камыш.
Паводле ягоных слоў, мігранты змянілі тактыку, і польскім сілавікам неабходна прымаць меры, у тым ліку прафілактычныя.
«Адсюль увод дадатковых сіл. Гэта не толькі салдаты і камандас пасля місій у Афганістане і Іраку, але перш за ўсё салдаты і паліцыянты пасля місій у Косаве», - распавёў міністр.
Касіняк-Камыш адзначыў, што салдаты на мяжы атрымалі новы, больш сучасную і надзейную, амуніцыю, а таксама дадатковую тэхніку, у тым ліку бронетранспарцёры.