BE RU EN

На Херсоншчыне калабарантка актыўна дапамагала войску РФ, але не падзялілася гарэлкай

  • 11.06.2024, 17:09

Расейцы ўчынілі расправу.

На мінулых выходных у акупаваным сяле Пода-Калінаўцы, што ў Херсонскай вобласці, адбылося гучнае злачынства: вайскоўцы РФ расправіліся над мясцовай здрадніцай Сняжанай Кірычэнкай.

Дэталі забойства з'явіліся ў мясцовым пабліку. Расейцы замоўчваюць аб здарэнні, паведамляе Дыялог.UA.

Паведамляецца, што 25-гадовая Кірычэнка была вельмі радая акупацыі. Яна актыўна дапамагала войску РФ, у тым ліку выдавала расейцам на расправу праўкраінскі настроеных жыхароў раёна.

Нічым добрым гэта для яе не скончылася.

«Нашую любімую Снежку ўчора ўвечары забілі. Яе ўсе ў Пода-Калінаўцы ведалі! (...) Сапраўднай патрыёткай (Расеі - рэд.) была: шукала жыллё для салдацікаў (УС РФ - рэд.), ежу ім гатавала, у сябе нават пакідала, а яшчэ дапамагала вылічаць тых, хто чакае... Мы маўчаць не будзем ! Увечары (9 чэрвеня - рэд.) дашлі да Снежкі салдацікі. Яна думала, дапамога патрэбная, а яны па гарэлку прыйшлі. Толькі не было ў яе... Суседзі гавораць, што яна нармальна з імі размаўляла. Яны думалі, што хлусіць, крычаць пачалі, пагражаць. Слова за слова, і нехта яе прыклаў, ды так, што яна ўпала проста галавой аб сцяну. Тыя ўцяклі адразу. Нашы спрабавалі яе выратаваць, хуткая дапамога доўга ехала. Не выратавалі», - паведамілі відавочцы.

Яны запэўніваюць, што акупацыйныя «ўлады» спрабуюць замяць гэтае злачынства. Яе смерць кваліфікаваная як сардэчны прыступ, родным паведамілі, што ніякай крымінальнай справы не плануецца.

Апошнія навіны