Упершыню ў свеце атрымалася патэлефанаваць на тэлефон, выкарыстоўваючы «трохмерны» гук
- 11.06.2024, 21:50
Тэхналогію прапанавала кампанія Nokia.
У кампаніі Nokia прапанавалі інавацыйную тэхналогію IVAS, якая дазваляе рабіць перадачу трохмернага гуку на любыя прылады, у тым ліку на кампутары, планшэты і тэлефоны.
Упершыню тэхналогію кампанія прадэманстравала ў 2022 годзе. Тады яе выкарыстоўвалі ў відэасэрвісах.
З дапамогай тэхналогіі IVAS гук атрымліваецца больш дэталёвым і рэалістычным, у параўнанні з монафанічнымі тэлефоннымі званкамі. Так суразмоўцы могуць чуць адно аднаго, як быццам яны знаходзяцца ў адным памяшканні.
Кіраўнікі Nokia заўважаюць, што ў большай частцы сучасных смартфонаў ёсць мінімум два мікрафоны. З дапамогай гэтай уласцівасці ёсць магчымасць перадаваць прасторавыя характарыстыкі званка для IVAS. Таксама ў гэтай тэхналогіі ёсць патэнцыял нашмат палепшыць гук у відэасувязі.
У планах у кампаніі ліцэнзаваць гэтую тэхналогію, але, каб яна шырока распаўсюдзілася, спатрэбіцца некалькі гадоў.