BE RU EN

Іншаземца здзівіла звычка беларусаў, на якую самі яны не звяртаюць увагі

  • 22.06.2024, 16:44

Яна звязаная з метро.

У Ціктоку з'явілася відэа замежніка, якому давялося скарыстацца паслугамі менскага метро. Ён здзівіўся паводзінам беларусаў, якія ўвесь час пры выхадзе прытрымлівалі дзверы. Каментатары, аднак, запэўнілі яго, што ў гэтай звычцы няма нічога незвычайнага, піша Telegraf.news.

Многія карыстальнікі сацсеткі здзівіліся рэакцыі замежніка і мяркуюць, што ў такіх паводзінах суайчыннікаў няма нічога незвычайнага. Маўляў, такая «звычка ёсць ва ўсіх». Да таго ж дзверы ў сталічным метро даволі цяжкія, і калі іх не прытрымаць, можна сур'ёзна траўмаваць чалавека, які ідзе ззаду.

«Я баюся, калі не прытрымаю, наступнага прыб'е дзвярыма», – напісаў адзін з беларусаў пад відэа і сабраў амаль 30 тысячаў каментароў.

«Дык гэта база, усе ж так робяць, не?» – здзівіўся рэакцыі аўтара відэароліка яшчэ адзін каментатар.

«Я заўсёды так раблю, а дзесьці інакш?» – задалася пытаннем яшчэ адна дзяўчына.

«Гэта заводскія налады. Як не пераходзіць дарогу на чырвоны, калі няма машынаў», – напісаў яшчэ адзін карыстальнік.

«Мы яшчэ талончыкі перадаем, калі выходзім з аўтобуса ці іншага транспарту, каб іншыя не прабівалі. А часам пакідаем на сядзеннях транспарту ці побач», – расказала яшчэ адна беларуска ў каментарах.

Некаторыя каментатары паспяшаліся нагадаць, што такое дзеянне ніяк не звязанае з нацыянальнасцю і абумоўленае «элементарным клопатам» і «выхаваннем». Іншыя ж выказалі здагадку, што ў іншых краінах гэтак не робяць, бо там папросту няма такіх небяспечных і цяжкіх дзвярэй у метро.

Апошнія навіны