BE RU EN

Пол Уілан заклікаў ЗША пасадзіць расейскіх чыноўнікаў для абмену зняволенымі

  • 23.06.2024, 19:31

Былы марскі пяхотнік заклікаў Вашынгтон да цвёрдых дзеянняў.

Былы марскі пяхотнік ЗША Пол Уілан, які адбывае 16-гадовы тэрмін у Расеі ў справе аб шпіянажы, заклікаў Вашынгтон зрабіць захады для вызвалення яго і журналіста The Wall Street Journal Эвана Гершковіча.

У тэлефонным інтэрвію CNN Уілан прапанаваў уладам ЗША пасадзіць у турму расейскіх чыноўнікаў і шпегаў, тым самым прымусіўшы Расею сесці за стол перамоў па абмене амэрыканскіх грамадзян.

«Неабходна распачаць цвёрдыя дзеянні. ЗША павінны выйсці і нешта зрабіць — запоўніць Гуантанама расейскімі чыноўнікамі, арыштаваць расейскіх шпегаў, зрабіць нешта, што прымусіць Крэмль сесці, звярнуць на гэта ўвагу і сказаць: "Добра, так, мабыць, цяпер прыйшоў час вярнуць Эвана і Пола" , — сказаў ён.

З ягоных словах, без гэтых дзеянняў расейскія ўлады будуць далей арыштоўваць амэрыканцаў на тэрыторыі РФ. «Мноства іншых амэрыканцаў — Гордан Блэк, Алсу Курмашова і Ксенія Карэліна — былі арыштаваныя ў апошнія месяцы, але не былі прызнаныя Дзяржаўным дэпартаментам ЗША неправамерна затрыманымі», — заявіў Уілан.

Прадстаўнік амэрыканскага Дзяржаўнага дэпартамента Мт’ю Мілер сказаў, што ўрад ЗША штодзень працуе над тым, каб вярнуць Гершковіча і Уілана дадому. «Мы зрабілі істотную прапанову аб вызваленні Эвана і Пола Уілана некалькі месяцаў таму, як мы ўжо казалі публічна; мы далей працуем над іхнім вызваленнем. Мы не абмяркоўваем падрабязнасці гэтага публічна, як гэта заўсёды было, але гэта адзін з галоўных прыярытэтаў сакратара і прэзідэнта», — сказаў на заканчэнне ён.

Уілан быў затрыманы ў снежні 2018 года паводле абвінавачанні ў «шпіянажы». Гэта адбылося праз некалькі тыдняў пасля арышту ў Вашынгтоне расейкі Марыі Буцінай, якую западозрылі ў змове з мэтай падману ЗША.

Паводле версіі следства Уілан, які працаваў дырэктарам у бяспецы ў кампаніі-вытворцы частак для аўтамабіляў BorgWarner, збіраў у Расеі сакрэтныя звесткі і спрабаваў вербаваць супрацоўнікаў ФСБ і Мінабароны. 15 чэрвеня 2020 года маскоўскі суд прысудзіў яго да 16 гадоў калоніі строгага рэжыму. Віну Уілан не прызнаў.

Эван Гершковіч быў арыштаваны ў Екацярынбурзе і з канца сакавіка 2023 года знаходзіцца пад арыштам у ізалятары «Лефортава». Ён стаў першым з 1986 года амэрыканскім журналістам, якога затрымалі ў Расеі паводле абвінавачання ў шпіянажы. Паводле версіі ФСБ, Гершковіч «у інтарэсах амэрыканскага ўрада» збіраў звесткі аб дзейнасці аднаго з прадпрыемстваў ВПК, якія складаюць дзяржаўную таямніцу.

Апошнія навіны