BILD: Стратэгія расейцаў правалілася
- 26.06.2024, 12:11
Два расейскія наступы захлынуліся.
У суботу ў раёне пасёлка Дубовае на поўдзень ад Белгарада прагрымелі выбухі. Як высветлілася, украінскія ракеты HIMARS пашкодзілі расейскія комплексы СПА «Панцыр-С1». Яны прыкрывалі абласны цэнтр з поўдня і знаходзіліся за 37 км ад дзяржаўнай мяжы. Дальнабойнасць HIMARS дасягае 85 км, яны маглі знаходзіцца не на самай мяжы, а за 30-40 км на поўдзень.
Як адзначае экспэрт BILD па аналізе адкрытых звестак Юльян Рэпка, знішчэнне «Панцыраў» пад Белгарадам гаворыць аб правале расейскай стратэгіі апошніх тыдняў. Калі ў траўні УС РФ перайшлі ў наступ у Харкаўскай вобласці, адной з мэт называлася стварэнне «буферных зон», каб УСУ не маглі абстрэльваць Белгарад з прымежнай тэрыторыі. Расея стала прасоўвацца па двух кірунках: на Ліпцы і на Ваўчанск.
Абодва наступы захлынуліся, а паміж імі ўтварыўся калідор, які па-ранейшаму кантралюе Украіна. Менавіта адтуль HIMARS і ўдарылі па «Панцырам» пад Белгарадам.