BE RU EN

У Мазыры сом-пераростак дакучае мясцовым рыбакам

  • 27.06.2024, 17:14

Яму ўжо нават далі імя.

Мазырскія рыбакі просяць дапамогі ў дасведчаных рыбакоў, што ловяць самоў, здольных разабрацца з рыбай-пераросткам. Сом па мянушцы Рыгорыч ужо даўно тэрарызуе мясцовых рыбаловаў – не дае спакойна парыбачыць, змятаючы снасці, а цяпер дабраўся яшчэ і да качак, піша fishingby.com.

Мазыранін Дзяніс Пічкоў і некалькі іншых рыбаловаў 25 чэрвеня сталі сведкамі палявання сама на качак.

– У раёне станцыі Мазыр, на рацэ Прыпяць сом паквапіўся на качанят. Аднаго сцягнуў, а праз паўгадзіны ў метрах дваццаці ніжэй па плыні спрабаваў пацягнуць ужо дарослых качак, але беспаспяхова. Тыя паспелі адляцець на бераг і больш да вады не спускаліся, – распавёў Дзяніс.

Мясцовыя аматары рыбалкі гэтаму сому далі мянушку Рыгорыч, у гонар грамілы з фільма «Сем старых і адна дзяўчына» Яўгена Карэлава. Жыве сом-пераростак у раёне чыгуначнага маста праз Прыпяць, непадалёк ад заводу ЖБВ, і стаў сапраўдным галаўным болем для рыбаловаў.

Мясцовыя спадзяюцца, што ў Беларусі знойдзецца дасведчаны рыбак, якому будзе па сілах вылавіць мазырскага гіганта. Яны лічаць, што рыбалка на Рыгорыча «абяцае быць цікавай».

Апошнія навіны