Дрон атакаваў нафтабазу ў Тамбоўскай вобласці РФ
- 28.06.2024, 7:36
Рыхтуецца эвакуацыя.
Раніцай 28 чэрвеня беспілотнік атакаваў нафтабазу ў Мічурынскім раёне Тамбоўскай вобласці РФ. Расейцы сцвярджаюць, што ён быў «украінскім» і ўзарваўся на тэрыторыі прадпрыемства, пасля чаго ўзнік пажар.
Пра гэта паведамілі расейскія СМІ. Паводле іх звестак, выбух у гэтым раёне прагрымеў прыкладна а 04:35 пятніцы.
«На месцы здарэння пачаўся пажар. Цяпер працуюць аператыўныя службы», – напісалі расСМІ.
Губернатар Тамбоўскай вобласці Максім Ягораў пацвердзіў гэты факт, запэўніўшы, што «ахвяраў няма».
РасСМІ сцвярджалі, што пажар невялікі, але чыноўнік у сваёй прамове сказаў, што яго тушаць сіламі пажарнай аховы нафтабазы і 11 пажарных разлікаў МНС. Яны нібыта лакалізавалі ўзгаранне.
Губернатар дадаў, што адлегласць ад нафтабазы да найбліжэйшага населенага пункта – 3 км, таму ў выпадку неабходнасці будзе праведзена эвакуацыя жыхароў.