«Хто гэтыя лахманы купляе за такія грошы?»
- 28.06.2024, 9:28
Беларуска абурылася коштам на штаны ў Zara.
Беларуска апублікавала ў TikTok відэа, дзе паказала два цэннікі на адны і тыя ж штаны ў краме Zara у Менску. На адным кошт – 219 рублёў (цэннік крамы), на іншым – 39,95 эўраў (136,6 рубля).
«Каротка пра нацэнкі ў Zara у Менску. Бярэм штаны – 219 рублёў. І на гэтыя ж штаны «праскочыла» этыкетачка 40 эўраў. 40 эўраў – гэта 130 рублёў. Ну, 110 рублёў зверху накінулі, інакш 30 еўра», – падзялілася сваімі падлікамі аўтарка роліка.
І ў подпісы да відэа выправілася: «Была дапушчана памылка: розніца не 110 рублёў, а 90!»
Каментатары, вядома, сталі дзяліцца эканамічнай пісьменнасцю з беларускай. «Кошт закупкі + лагістыка + 20% ПДВ [падатак на дабаўленую вартасць] + падаткі 20% + выдаткі на арэнду, аплату супрацоўнікам і гэтак далей. Удвая больш ад пачатковага кошту», – палічыў адзін карыстальнік TikTok.
«Ну, а як ты хацела? Дастаўка, мытныя зборы, падаткі самі сябе не аплачваюць. Купляй беларускае – будзе без накідкі», – парэкамендаваў іншы.
Нехта ж вырашыў падзяліцца агульным уражаннем ад крамаў Zara у сталіцы: «У Менску Zara – адстой. Хамаваты персанал. Адзін раз была і зараз заўсёды праходжу міма».
«Хто гэткія лахманы купляе за такія грошы?» – абурыўся яшчэ адзін карыстальнік TikTok.
«Наша згушчонка таксама на Захадзе 10$ каштуе, не чатыры рублі», – падзяліўся назіраннямі іншы карыстальнік.
У адным з каментароў аўтар роліка, дарэчы, расказала, якім коштам хацела б купіць гэтыя штаны: «За 40 [эўраў]».