BE RU EN

Пачынаецца суд над братам заснавальніка EPAM

  • 28.06.2024, 14:43

Сямёну Добкіну пагражае да 15 гадоў.

На лаве падсудных апынуліся Сямён Добкін, брат заснавальніка EPAM Аркадзя Добкіна, і яго 42-гадовы намеснік Юры Жулаеў. Яны працавалі ў кампаніі ГКСБ, якая з'яўляецца найбуйнейшай цеплатэхнічнай кампаніяй на тэрыторыі Беларусі, піша «Наша ніва».

Кампанія выпускае воданагравальныя і паравыя катлы на вадкім і цвёрдым паліве, гарэлкі, утылізатары, блокава-модульныя кацельні і іншае інжынернае абсталяванне для жыллёва-камунальных гаспадарак, а таксама будаўнічых арганізацый і іншых суб'ектаў сацыяльнага прызначэння.

Вырабленае кампаніяй абсталяванне выкарыстоўваецца на курорце «Сілічы», у Нацыянальнай бібліятэцы і іншых буйных аб'ектах.

Адзначым, што пра затрыманне ў кампаніі Сямёна Добкіна стала вядома ў снежні 2023-га.

Суд пачнецца 9 ліпеня 2024 г. у судзе Ленінскага раёна Берасця. Судзіць іх будзе Дзмітрый Шурын, які замазаўся і ў палітычных справах.

Абодвух мужчын абвінавачваюць па трэцяй, самай сур'ёзнай частцы артыкула 430 КК «атрыманне хабару». Гэта можа быць як атрыманне хабару ў асабліва значнай суме, так і арганізаванай групай або асобай, якая займае адказнае становішча. Сутнасць абвінавачання і абставіны справы невядомыя.

Ім пагражае ад 5 да 15 гадоў калоніі са штрафам.

Апошнія навіны