Гішпанскі вундэркінд Ямаль паспяхова здаў школьныя іспыты падчас Еўра-2024
- 28.06.2024, 20:17
16-гадовы нападнік цяпер можа поўнасцю сканцэнтравацца на футболе.
Нападнік Ламін Ямаль, які цяпер выступае за каманду Гішпаніі на Еўра-2024, паспяхова здаў школьныя іспыты. Ён даведаўся пра свае вынікі, знаходзячыся ў лагеры «Фурыя Роха» ў Нямеччыне.
На гэтым тыдні 16-гадовы вінгер здаў свой 4-ы іспыт ESO. Размова пра экзамены на атрыманне сертыфіката аб сярэдняй адукацыі ў Гішпаніі.
У чацвер увечары Ламін Ямаль расказаў у эфіры радыёстанцыі Onda Cero: «Я толькі вярнуўся з трэніроўкі, і мне паведамілі, што ўсё прайшло добра. Я здаў іспыты. Цяпер у мяне ёсць сертыфікат аб сярэдняй адукацыі. Апошнія адзнакі, якія я бачыў? Калі шчыра, я бачыў іх на тэлефоне. Там было сказана, што я ўсё здаў. Таму я проста закрыў дадатак, патэлефанаваў маме і расказаў ёй пра гэта».
Ламін Ямаль сумяшчаў вучобу ў школе з выступам за каманду Гішпаніі на Еўра-2024.
Раней нападнік расказваў, як гэта выглядае: «Я наведваю ўрокі, і кожны дзень яны даюць мне рознае хатняе заданне».
«Часам ад мяне патрабуецца выканаць большы аб'ём працы дома, але я раблю гэта кожны дзень. Калі яны бачаць, што мы ў чвэрцьфінале ці ў 1/8 фіналу, яны не вельмі моцна нагружаюць мяне, але калі ў мяне выходныя, калі мой настаўнік ведае, што я не заняты, ён дае мне тое ці іншае заданне».
Каманда Гішпаніі выйшла ў 1/8 фіналу Еўра-2024. Заўтра ўвечары «Фурыя Роха» згуляе супраць Грузіі.
Ламін Ямаль паўдзельнічаў ва ўсіх 3 паядынках каманды на групавым этапе. Ён згуляў 86 хвілінаў супраць Харватыі, 71 супраць Італіі і 19 супраць Албаніі. У матчы супраць Харватыі нападнік зрабіў дзейсную перадачу.