BE RU EN

У Менску адкрыецца новая экасцежка

  • 28.06.2024, 20:20

Там нават ёсць гатэль, але для абраных.

На паўднёвым усходзе Менска з'явіцца новая экалагічная сцежка «Шышкі», якую афіцыйна адкрыюць 1 ліпеня, паведамляе БелТА.

Новая экасцежка «Шышкі» адкрыецца ў сталічным мікрараёне Сосны, яе ўладкавалі ў лясным масіве ў канцы вуліцы Акадэміка Красіна за сярэдняй школай № 144 і дзіцячым садам № 419. Адкрыццё адбудзецца 1 ліпеня, гэтая падзея прымеркаваная да 80-х угодкаў вызвалення Беларусі і Дня незалежнасці.

Наведвальнікам абяцаюць «захапляльнае падарожжа па 16 тэматычных станцыях з казачнымі героямі і інтэрактывам».

Маршрут першай лініі экасцежкі – адукацыйны: ён дазваляе азнаёміцца з разнастайнасцю мясцовай флоры і фаўны. Там арганізаваныя гульнявыя зоны і прыпыначныя пляцоўкі – «Знаёмцеся, дрэвы», «Шышкі хваёвага лесу», «Царства раслінаў», «Пошукавая паляна» і «Гатэль для насякомых».

Гатэль для кузурак – гэта збудаванне для прываблівання пчолаў і восаў, баговак, матылькоў і іншых кузурак. Яно ўяўляе з сябе камень ці бервяно з прасвідраванымі адтулінамі, дзе «пастаяльцы» могуць адкласці яйкі ці перазімаваць.

Апошнія навіны