BE RU EN

Літоўская мытня ўзмоцніць праверкі на мяжы з Беларуссю

  • 29.06.2024, 12:24

Будуць праводзіцца рэгулярныя рэйды.

Крымінальная служба мытні Літвы і Літоўская адміністрацыя транспартнай бяспекі будуць праводзіць рэгулярныя рэйды на памежных з Беларуссю пастах і дэталёвыя праверкі. Прычынай стала раскрытая новая схема абыходу санкцый, паведамляецца на сайце літоўскай мытні.

Паводле версіі літоўскага боку, грузавыя цягачы з паўпрычэпамі зарэгістраваных у Літве кампаній выязджаюць у Беларусь і Расею для перавозкі грузаў, але так і не вяртаюцца. Паводле такой схемы вывозяць і люксавыя аўтамабілі.

«Заўважана, што асобныя людзі рэгіструюць на сваё імя транспартныя сродкі, якія выязджаюць, але потым не вяртаюцца ў Літву», – канстатуе мытня Літвы.

У сувязі з гэтым мытня Літвы нагадвае, што артыкул 15 закона аб міжнародных санкцыях прадугледжвае штраф ад 50 да 100% кошту тавару і не менш як 10 тысячаў еўраў за такія парушэнні санкцый у дачыненні да юрыдычных асобаў.

Першыя рэйды, праведзеныя на пунктах пропуску «Мядзінінкай» і «Шальчынінкай» выявілі такія парушэнні, як адсутнасць дзейных пасведчанняў, кіраванне без выкарыстання або выкарыстанне падробленай карты кіроўцы і да т.п.

Такія парушэнні выкарыстоўваюцца як інструмент для абыходу санкцый ЕЗ супраць Расеі і Беларусі, дапамагаючы некаторым кампаніям знаходзіць глебу для незаконнай дзейнасці.

Апошнія навіны