Сабаленка можа зняцца з Уімблдона праз рэдкую і спецыфічную траўму
- 30.06.2024, 11:11
Тэнісістка адчувае моцны боль.
Трэцяя ракетка свету з Беларусі Арына Сабаленка расказала аб траўме пляча, праз якую яна можа зняцца з Уімблдона, што стартуе 1 ліпеня.
«Я называю гэта проста траўмай пляча - але гэта праблема з вялікай круглай цягліцай. Гэта вельмі рэдкая і спецыфічная траўма. Я вельмі засмучаная», - распавяла Сабаленка.
З яе слоў, цяпер у яе вялікія праблемы з падачай - яна адчувае моцны боль.
«Мы праходзілі МРТ, рабілі ўсё - шмат лячыліся і аднаўляліся. Я ўпершыню ў кар'еры сутыкнулася з такой сур'ёзнай траўмай і цяпер праходжу шмат праз што. Апошні месяц атрымаўся для мяне вельмі цяжкі. Гэтулькі розных праблем са здароўем. Вельмі нялёгка захоўваць пазітыў, пры гэтым усведамляючы, што адбываецца ў рэальнасці. Але як чалавек, які апошнія месяцы змагаецца з рознымі тыпамі болю, я не губляю надзею», - сказала яна.
Раней у Берліне Сабаленка ўпершыню ў кар'еры не дайграла матч, зняўшыся падчас гульні.