BE RU EN

«Калі захаваецца бягучы тэмп нараджальнасці, то на канец стагоддзя беларусаў будзе тры мільёны»

  • 1.07.2024, 9:59

Эканаміст расказаў, што не так з беларускай дэмаграфіяй.

Насельніцтва Беларусі працягвае няўхільна скарачацца. У момант распаду СССР на тэрыторыі Беларусі пражывала 10,2 млн чалавек. Сёння, нават паводле афіцыйнай статыстыцы – 9,2 млн, а з улікам тых, хто з'ехаў, і таго менш. І гэтая лічба будзе толькі змяншацца.

Бесперапынныя рэпрэсіі, выцісканне людзей з краіны, эканамічная нявызначанасць мала спрыяюць жаданню беларусаў нараджаць дзяцей. А заклікі ўладаў падаюць у пустату.

Гнятлівую статыстыку па дэмаграфіі прывёў акадэмічны дырэктар BEROC Леў Львоўскі, піша «Салiдарнасць».

- Дэмаграфію лепш глядзець на доўгіх дыстанцыях, – адзначае эканаміст. – Дык вось на канец стагоддзя, калі мы раптам адновім нараджальнасць да максімуму 2017 года, у нас будзе прыкладна 6 млн беларусаў. Калі ж у нас будзе бягучы тэмп нараджальнасці, то размова будзе ісці пра 3,5-3 млн.

На думку Льва Львоўскага, спыніць гэтае зніжэнне цяперашнім уладам наўрад ці ўдасца.

- Цяпер Аляксандр Лукашэнка думае, што раз беларусы зʼехалі, ён падмане азербайджанцаў, там дзе-небудзь прарэкламуе, і яны прыедуць. Але азербайджанцы нічым не дурнейшыя за беларусаў. Яны паглядзяць навіны і нікуды не паедуць, – упэўнены эканаміст.

Галоўная прычына, па якой сёння ў Беларусі назіраецца негатыўная сітуацыя з нараджальнасцю, заключаецца ў адсутнасці стабільнасці.

- Аляксандр Лукашэнка ўвесь час пра яе кажа, але стабільнасць ёсць у дэмакратыях, а ў аўтакратыя як раз праблемы са стабільнасцю, таму што пастаянна ўсё мяняецца, – тлумачыць Леў Львоўскі. – Сёння табе кажуць «раджай, дамо 10 000», а заўтра табе кажуць «раджай нам гэтага дзіцяці – і адразу на вайну», а паслязаўтра табе кажуць «раджай, але калі пойдзе ва ўніверсітэт, то гэта ўжо будзе наш і вінен 5 гадоў адпрацоўваць».

Але калі насельніцтва Беларусі так рэзка зніжаецца, то можа не варта ўпірацца заклікам ураду?

- Калі гаворка ідзе аб тым, каб выдзяляць на гэта дастаткова сродкаў, рэсурсаў, увесь час думаць і змяняць палітыку – так, варта, – лічыць эканаміст. – Але калі бегаць і казаць, што месца жанчыны не ў айці-кампаніі, а ў радзільнай палаце, забараняць аборты – гэтага рабіць не варта. Такія экспэрыменты былі. Напрыклад, таварыш Чаўшэску таксама быў вельмі заклапочаны дэмаграфіяй і ўвёў супержорсткія забароны на аборты. Настолькі, што нават калі ты ведаў, што твая сяброўка робіць аборт, абавязаны далажыць, іначай таксама ў турму.

Гэты крок сапраўды павялічыў нараджальнасць у краіне і павялічыў насельніцтва. Вось толькі якасць гэтага насельніцтва моцна знізілася.

- Таму што горш за адсутнасць у краіне дзіцяці – дзіця, якое было народжанае бацькамі, якім яно не патрэбнае, – уважае Леў Львоўскі. – Гэта значыць бацькі не ўкладваюць у развіццё дзіцяці, у чалавечы капітал. Пасля Чаўшэску яшчэ 20 гадоў у краіне назіралася памяншэнне сярэдняга IQ. Так, ён павялічыў колькасць насельніцтва, але стварыў – можа, гучыць не паліткарэктна, але ў эканоміцы так кажуць – насельніцтва нізкай якасці.

Апошнія навіны