Заробак беларускіх ІТ у далярах упаў да мінімуму
- 1.07.2024, 16:42
Кампаніі ІТ і сувязі сталі адным з галоўных тармазоў эканомікі.
У Беларусі працягвае падаць заробак працаўнікоў ІТ-сферы ў пераліку на даляры. Гэта заўважыў партал Devby ў афіцыйных звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта.
У траўні сярэдні заробак у ІТ склаў Br 6 904,7. За год (з траўня 2023) ён павялічыўся на 5,5%. А вось у далярах знізіўся на 5% да $2148,6 паводле сярэдняга курса за месяц.
Агулам у далярах сярэдні заробак у ІТ у траўні абнавіў антырэкорд. Да гэтага самы нізкі заробак сёлета быў у студзені ($2175,8), затым у красавіку ($2158,8).
Пры гэтым, адзначае партал, гэта ўжо другі месяц запар, калі заробак стабільна падаў і ў рублях, і ў валюце.
У 2023 годзе кампаніі ІТ і сувязі сталі адным з галоўных тармазоў беларускай эканомікі.