Полацак сабраў «ураганны флэш-раяль»
- 1.07.2024, 20:01
Навальніца, град, шквал і моцны лівень.
Шквал з градам абрынуўся на Полацак 1 ліпеня. Парывы ветру дасягалі 20 метраў за секунду, у ліўні бачнасць падала да 600 метраў. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал Nadvorie.
«Полацак сабраў флэш-раяль: навальніца, град, шквал і моцны лівень», – гаворыцца ў паведамленні.
Тым часам мясцовыя жыхары публікуюць відэа ўрагану ў TikTok. Паводле іх звестак, моцны вецер валіў дрэвы, а лівень затапіў некалькі вуліцаў.
«Спачатку пячэ, потым топіць», – напісаў адзін з карыстальнікаў, які апублікаваў відэа з затопленай вуліцай.
Аўтар іншага роліка паказаў, як вецер паваліў даволі магутную бярозу, зламаўшы яе напалову.
«Здаровая бяроза, плюс дзве машыны там», – падзяліўся ён.
Некаторыя карыстальнікі ў каментарах адзначылі, што ўраган доўжыўся нядоўга і ўжо скончыўся.