Выкарыстоўвалі парыкі для канспірацыі: у Адэсе злавілі расейскіх вайскоўцаў
- 2.07.2024, 11:51
У СБУ раскрылі падрабязнасці.
Ва Украіне ўдалося абясшкодзіць агентурную групу расейскай ФСБ, адна з удзельніц якой карысталася парыкамі для канспірацыі. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Службы бяспекі Украіны.
Паводле звестак следства, фігуранты дзейнічалі ў Адэсе і ў склад групоўкі ўваходзілі двое вайскоўцаў і іх саўдзельніца. Тыя атрымлівалі заданні ад расейскіх спецслужбаў і выведвалі лакацыі сістэм супрацьпаветранай абароны, якія абараняюць рэгіён.
«Каб устанавіць адпаведныя каардынаты, агенты сістэматычна аб'язджалі абласны цэнтр і яго прылеглыя тэрыторыі. У выпадку выяўлення «патрэбных» абʼектаў – утоена фатаграфавалі іх і пазначалі адпаведныя геалакацыі на гугл-мапах. Яшчэ адной задачай варожай групы была замаскіраваная ўстаноўка бесправадных магнітных камер на тэрыторыі марскога порта Адэсы», – гаворыцца ў паведамленні.
Для большай утоенасці варожыя агенты выкарыстоўвалі паслугі таксі, саўдзельніца і зусім маскіравала знешнасць, пастаянна змяняючы парыкі.
Украінскім спецслужбам удалося задакументаваць усе факты разведвальна-падрыўной дзейнасці фігурантаў, а таксама затрымалі рэзідэнта агентурнай групы ФСБ і яго саўдзельніка. Адбылося гэта ў момант, калі яны фатаграфавалі чарговы вайсковы абʼект.
А вось дзяўчыну, якая таксама зʼяўлялася часткай групоўкі, затрымалі ў яе ўласным доме пасля таго, як яна рабіла даразведку паблізу патэнцыйнай мэты. Таксама СБУ правяла комплексныя мерапрыемствы для гарантавання бяспекі лакацый украінскіх войскаў.
Падчас вобшукаў у затрыманых забралі мабільныя тэлефоны, якія яны асобна купілі для камунікацыі з расейцамі.
«Следчыя Службы бяспекі паведамілі фігурантам аб падазрэнні паводле ч. 3 арт. 28, ч. 2 арт. 111 Крымінальнага кодэксу Украіны (дзяржаўная здрада, учыненая арганізаванай групай ва ўмовах ваеннага становішча). Цяпер зламыснікі знаходзяцца пад вартай. Ім пагражае пажыццёвае зняволенне», – гаворыцца ў паведамленні.