Беларуская палітзняволеная распавяла пра сустрэчу з Сяргеем Ціханоўскім
- 2.07.2024, 12:43
Народны блогер не здаецца.
Беларуская палітзняволеная Алеся Буневіч, дырэктарка віленскай крамы А2.print, якая адсядзела ў Беларусі за дапамогу ў эвакуацыі людзей з краіны, распавяла, як сустрэла на этапе Сяргея Ціханоўскага.
«Я праходзіла міма яго ў прыбіральню. Павінна была нешта яму сказаць, і не знайшла нічога лепшага, як «Прывітанне ад экстрэмістаў Маладзечна!». Проста дурніца, як можна было такое ляпнуць?! Вяртаюся, і ён пытаецца, паводле якой я справы праходжу. А я яшчэ не адвыкла ад свайго артыкула аб тэрарызме, так і кажу яму, такая дзяўчынка ў акулярах і з касамі – тэрарызм! – распавяла Буневіч «Нашай Нiве».
З ейных слоў, Сяргей моцна змяніўся ў зняволенні, яго цяжка пазнаць.
«Ён быў схуднелы, з прыгнечаным тварам, у яго быў зямлісты колер твару. Калі б не голас і размова пра грошы за канапай, я б яго, напэўна, не пазнала. Гэта быў дзень яго нараджэння, 18 жніўня, яго этапавалі ў крытую турму ў Жодзіне. Для мяне гэтая сустрэча была класным знакам, што ўсё будзе добра. Сяргей вельмі баявы, хоць і глядзець на яго было балюча, але ўнутраная моц адчувалася ў размове з канваірамі, якую я крыху чула. Ён не апускае рукі», – кажа Алеся.
Сяргей Ціханоўскі ў снежні 2021-га быў асуджаны на 18 гадоў калоніі. Пазней да яго тэрміну дадалі яшчэ паўтара года – за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі». Сям'я не атрымлівае ад яго ніякіх звестак.