BE RU EN

У Беларусі забаранілі прадаваць пластылін з Расеі

  • 3.07.2024, 9:33

Дзяржстандарт назваў прычыну.

Дзяржстандарт Беларусі праверыў гандлёвую сетку тавараў «Дзетмір» і выявіў парушэнні больш як у 70 цацках, прадметах адзення і абутку. Пад забарону ў тым ліку патрапіў пластылін расейскай вытворчасці, які імпартуецца з Іркуцка. З 1 ліпеня яго нельга ўвозіць і тым больш распаўсюджваць на тэрыторыі нашай краіны.

На сайце Дзяржстандарту Беларусі можна ўбачыць, што большая частка забароненай прадукцыі з крамы «Дзетмір» выраблена ў Кітаі. Аднак разам з тым у рэестр небяспечных тавараў уключылі некалькі пазіцый расейскай вытворчасці, у тым ліку пластылін для лепкі гандлёвай маркі Attivio (вытворца – ТАА «Фабрыка пакавання», Іркуцк, РФ).

У ходзе праверкі Дзяржстандарт устанавіў, што прадукцыя не адпавядае патрабаванням тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюзу «Аб бяспецы цацак» па санітарна-хімічным паказчыку гігіенічнай бяспекі. Спецыялісты ўстанавілі, што «ўзровень міграцыі фармальдэгіду ў воднае асяроддзе» апынуўся вышэйшы, чым трэба: пры норме не больш за 0,1 мг/дм3 паказчык склаў больш за 0,5 мг/дм3.

Фармальдэгід – гэта арганічнае злучэнне, якое можа выклікаць алергію, раздражненне слізістых абалонак вачэй і дыхальных шляхоў. Звычайна такая рэакцыя суправаджаецца чханнем, кашлем, падвышаным слёзавыдзяленнем. Акрамя таго, фармальдэгід уздзейнічае на цэнтральную нервовую сістэму, выклікае дэрматыты, а таксама павышае рызыку развіцця ракавых пухлін насаглоткі.

Апошнія навіны