BE RU EN

Прэзідэнт Фінляндыі: Кітай можа завяршыць вайну ва Украіне адным званком

  • 3.07.2024, 10:29

Гэта стане ўнікальным шанцам для Пекіна.

Кітай можа пакласці канец вайне Расеі супраць Украіны адным тэлефонным званком на вышэйшым узроўні.

Як паведамляе Bloomberg, пра гэта заявіў прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб. З ягоных слоў, Расея зараз вельмі залежыць ад Кітая.

«Адзін тэлефонны званок прэзідэнта Сі Цзіньпіна развязаў бы гэты крызіс (вайну ва Украіне – рэд.)», – сказаў Стуб.

Каментары Стуба адлюстроўваюць рост расчаравання сярод хаўруснікаў Украіны што да падтрымкі Кітаем вайсковых намаганняў Расеі. Яны абвінавачваюць Пекін у тым, што ён дае Крамлю тэхналогіі і запчасткі для зброі і дапамагае Маскве абысці міжнародныя гандлёвыя абмежаванні.

«Калі б ён (Сі Цзіньпін – рэд.) сказаў: «Час пачынаць мірныя перамовы», Расея была б змушаная гэта зрабіць. У іх не было б іншага выбару», – сказаў Стуб.

Таксама прэзідэнт Фінляндыі падкрэсліў, што Кітай выйграе ад спынення «агрэсіўнай і каланіяльнай вайны» Пуціна ва Украіне.

«Кітаю неабходна абараняць міжнародныя правы, звязаныя з тэрытарыяльнай цэласнасцю і суверэнітэтам. Гэта правільна. І гэта таксама прадэманстравала б лідарства Кітая», – сказаў ён.

«Цяпер не можа быць і гаворкі пра тое, каб настойваць на спыненні агню, патрэбны сапраўдныя мірныя перамовы. Адзінае, што разумее Расея, – гэта сіла. І таму, чым больш мы зараз зможам дапамагчы Украіне, тым хутчэй скончым вайну», – дадаў ён.

Стуб таксама заклікаў Еўропу ўзмацніць сваю падтрымку Украіне, а таксама нарошчваць свой уласны абаронны патэнцыял у традыцыйным войску, а таксама супраць гібрыднай вайны Расеі. Са слоў Стуба, Украіне патрэбна як матэрыяльная дапамога, якая ўключае фінансавую дапамогу, так і палітычная падтрымка, між іншым пракладанне шляху да сяброўства як у ЕЗ, так і ў NATO.

Апошнія навіны